Старонка:Межы (1929).pdf/19

Гэта старонка была вычытаная

ЧЫМ-ЖА, ЧЫМ?..

Чым-жа, чым прывітаць гэту восень —
Надыход пералому ў жыцьці,
Гэты твор чудадзейных кросен,
Што з ападам умее цьвісьці?

Хоць і вабіць вясна сваім цьветам,
Хоць яна надае болыш жыцьця,
Але восень — прастор для поэта:
Яна думкі умее ўскрыляць.

Калі гусі зьбіраюцца ў вырай,
Ў разьвітаньні праводзячы дні,
Ім ў адказ златаструнная ліра
Аб спатканьні вясновым зьвініць.

Калі ліст чырванее і вяне
І на луг асядае туман, —
Для поэта то момант спатканьня,
Калі паляць каханьню цім’ян.

Калі неба ўбіраецца ў хмары,
Калі дожджычак дробны ідзе, —
Ў галаву напрашаюцца мары,
Сэрца родзіць нямала надзей.

17