Старонка:Межы (1929).pdf/22

Гэта старонка была вычытаная

НАДЗЕЯ

Паглядзела ласкай у мае ты вочы,
Пасуліла шчасьце лепшых, новых дзён…
З тэй пары ня знаю я спакою ўночы:
Мяне кліча, будзіць многазычны звон.

Ён заве у далі, ён заве ў прасторы,
Ён зьнімае путы з сэрца і душы
І сплятае думкі ў ясныя узоры,
І сьпявае песьню ў сумны час цішы.

За табой, надзея, рвуцца ўсе жаданьні
Скрозь разоры-раны цьмянага жыцця
Ты дала мне зброю, зброю для змаганьня,
Акрыліла ўзлёты — гмахі пачуцьця.

Хоць і ня збыліся тыя усе мары,
Аб якіх шапнула ласкава ты мне,
Я-ж іду да мэты скрозь балот абшары
І табой жыву я ў яве і у сьне.

1923 г.

20