Старонка:Межы (1929).pdf/24

Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Для цябе я быў нязнаным,
Ты — такою-ж для мяне.
Я пашоў з табой нязваным,
Каб бляднець і чырванець.

Паабапал сьцежак збожжа
Камусь кланялася з нас.
Я прыстаў на раздарожжы,
Ты пашла далей адна.

Я стаяў. Навокал звонка
Пелі песьні каласы.
Толькі бачыў я здалёку
Пасмы чорнае касы.

Іх паціху вецер шастаў,
Ён іх песьціў, цалаваў;
Распасьцёр табе лес шаты,
Дарагі дыван — трава.

Ты схавалася ў прасторах,
Я астаўся сам-на-сам.
Ўсё-ж мне сьніцца твая зорнасьць,
Усьміхаецца краса.

10-V — 27 г.

22