Старонка:Межы (1929).pdf/29

Гэта старонка была вычытаная

Я СЯДЗЕЎ НАД РЭЧКАЙ…

Я сядзеў над рэчкай, думаў сваю думу,
Любаваўся хвалямі і іх ігрой;
Нада мною вольхі шалясьцелі шумам,
Што імкнуцца ў далі, нібы пчольны рой.

Помню, вечарэла. Сонца к небасхілу
Пасьпяшала рупна на спакой начны
І у раз апошні лес азалаціла,
А над ім ўзьвіліся чары-туманы.

А над полем, лугам заблішчэлі росы,
Нібыта крупінкі — дробкі серабра.
Дзесь дуда іграла — мабыць, на пакосе…
Заблішчэла ў небе першая зара.

Я сядзеў і думаў пра свой лёс сірочы,
Думаў адвячоркам, як сустрэну дзень.
Даляцеўшы-ж з далі голас твой дзявочы
Мне уліў у сэрца радасьці прамень.

Я з табой сустрэўся. Ты была, як кветка,
Ты была — прыгожасьць рупнае жняі,
І з табой нас стрэла шырыня палеткаў,
Абкружылі шчасьцем сьветлых мар раі…

27