Старонка:Межы (1929).pdf/33

Гэта старонка не была вычытаная

НУ, ЧАГО-Ж ХАВАЦЦА…

Ну, чаго-ж хавацца, ну, чаго-ж таіцца,
Калі ў сэрцы радасьць запылала шчыра,
Калі яно рвецца, рвецца ў шчасьця вырай
І сьмяецца ў вочы красе-маладзіцы.

Выйду я на рэчку, выйду я на ўлоньне,
Каб спаткацца з шчасьцем, шчасьцем веснавейным;
Погляд тады змрочны зацьвіце надзейна,
Скрозь туманны полаг гляне ў сваё сёньня.

А красы прынада, а красы прыгожасьць
Зазіяе бляскам макавых пялёстак,
Бо жыцьця спатканьні павянчае ростань;
Вось загэтым сэрца свае звоны множыць,

Вось загэтым радасьць азіяла вочы,
Вось хачу загэтым быць нязнана шчырым,
І хачу я верыць ў шчасьця свайго вырай,
Куды ўжо імкнецца погляд мой прарочы.

1925 г.