Старонка:Межы (1929).pdf/42

Гэта старонка не была вычытаная

МЯНЕ СЁНЬНЯ ВЕЦЕР…

Мяне сёньня вецер ня злуе, ня журыць,
Ён іграе зычна мне паходны марш,
Бо я парадніўся з громамі і бурай:
Даўняга бясьсільля ўжо ў грудзёх няма!

Я акрэп у буры, загартован ў гарце,
Поўняцца адвагай сэрца і душа.
Мне павевы буры — ласкавыя жарты,
А мой сум сардэчны — немая ціша.

І вось, запаліўшы ліхтары-паходні,
Вышаў я ў прасторы шчасьця пашукаць.
Вецер дзьме паволі, вецер дзьме усходні,
І блішчыць мне з далі зорнасьць маяка.

Я іду на бляскі пасьля цемры, дыму, —
Яшчэ сьлед відзён іх, толькі дзе-нідзе, —
Але ўжо ў паходцы многа веры, ўздыму,
А ў шуканьні шчасьця шмат ужо надзей.

Мяне сёньня вецер ня злуе, ня журыць,
Ён іграе зычна мне паходны марш,
Бо я парадніўся з громамі і бурай:
Даўняга бясьсільля ўжо ў грудзёх няма!

1924 г.