Старонка:Межы (1929).pdf/52

Гэта старонка не была вычытаная

МАЙ

Май узьняў маіх струн пераборы —
Я сягоньня бязьмежнасьці рад!
Я люблю веснавыя прасторы;
Мяне росквіту песьціць пара.

Адгулі ўжо зімы завірухі,
Растапіліся гурбы, сплылі.
І ўжо вецер сіберны аддзьмухаў,
Нібы зімнія дні ня былі.

Адснавалі прадвесьнія хмары,
Адлілі праліўныя дажджы.
І ўжо сонца гарыць ў сто пажараў,
Заклікае прыгожасьцю жыць.

Надыходзяць ўжо зорныя ночы,
Надыходзяць празрыстыя дні.
На гумне ужо бусел клякоча,
Шпак на яблыні песьню зьвініць.

Гэта славу пяюць яны маю —
Першым днём і красы, і вясны;
Да прастораў я вочы ўздымаю,
Дзе ўжо ткуцца з травы дываны.