Старонка:Межы (1929).pdf/56

Гэта старонка не была вычытаная

ЗЯЛЁНЫ ПРАСТОР

Рунеюць палоскі, як стужкі;
Іх межы шауковыя строчаць;
Над імі ўзьнімаюцца птушкі,
Крыламі ў паветры лапочуць;

Садзяцца, бясконца шчабечуць
Ў бязьмежна-вясёлым разгуле;
Іх кожны кусточак ад бед забясьпечыць,
Ён дасьць ім спакойны прытулак.

Над руньню іграюць праменьні,
Яны ўсе прасторы цалуюць.
На лузе, вось там ў аддаленьні,
Траву пільна бусел вартуе.

А лес, зелянінай прыбраны,
Паслаў дываны — свае цені;
На іх, нібы з шоўку сатканых,
Ён хіліцца стаць на калені

З сваім гаспадарчым вітаньнем…
Як шмат тут прынады для вока;
Як шмат для душы адчуваньняў
І блізка знаёмых і надта далёкіх.

1923 г.