Старонка:Межы (1929).pdf/67

Гэта старонка не была вычытаная

РАССЫПАЕ МЕРНА…

Рассыпае мерна залатыя лісьці
Клён высокі, стройны, што стаіць вось тут;
А былі яны мне сьведкамі калісьці,
Калі песьціў думку я сваю ў цьвяту.

А цяпер вось разам з гэтаю красою
Адквітае, жоўкне мая пекната,
І застылі мары буйнаю расою,
Месьціцца у сэрцы бясьпуцьця слата.

Але час вось гэты — толькі пераходны,
Ён міне, пяройдзе ў час другой красы;
Загарацца ў сэрцы новыя паходні
І пральлюцца песьні новай галасы.

1925 г.