Старонка:Межы (1929).pdf/83

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАЗЬВІНЕЛІ КАСАМІ У ЛУЗЕ…

Зазьвінелі касамі у лузе…
Палілася песьня дзяўчыны
На усе поўна-раскрытыя грудзі.

Зазьвінелі касамі у лузе…
Срэбра рос асыпаецца, гіне…
Заграбае пракосы дзяўчына,

Заграбае дасьціпна і зграбна…
Сонца кос яе пасмы залоціць,
Яны зьзяюць красою ядвабнай.

Заграбае дасьціпна і зграбна,
Расьцілае на сонечнай сьпёцы,
Посьле ставіць, стаміўшыся, граблі.

Награблася, натузала плечы,
Палажыла галоўку на сене,
Засмуцілася моцна аб нечым.

Награблася, натузала плечы,
З сэрца прагнуць яе лятуценьні:
Ой, хутчэй-бы, хутчэй прыйшоў вечар.

Прыйдзе вечар, дзяўчына-красуня,
Ты сустрэнешся ў садзе з каханым,
Не адзін ён пашле пацалунак…