Прыдзе лета — я выйду на ніву,
Буду лепей ранейшага жаць.
Была некалі я палахлівай,
Бо падточвала цемры іржа.
Маё сэрца, уздымы пачуцьцяў,
Былі зьмяты, зьняважаны — страх:
Гадавалася я у пакуце,
Бо няволя была мне сястра.
А цяпер адчыніліся вочы,
Захацелася знаць чаго шмат;
І за тоўстаю кніжкаю ночы
Я праводжу вось тут недарма.
І з другімі пасьля падзялюся,
Што сама атрымаць я магла.
Падсабіць я хачу Беларусі,
Чым магу, будаваць новы лад.
А ты, вёска, ня скардзься, што зьнікла,
І мяне зьбегляцом не заві:
Ад цябе я яшчэ не адвыкла —
Не хачу я душою крывіць!
Ты мне міла! Сумую па полі,
Сьвярбіць ня раз па сярпу рука.
Не зракуся цябе я ніколі,
А вярнуся! Крыху пачакай!
Я пакінула ўвосень палеткі,
Каб вярнуцца вясною да іх.
Я — сялянка, а разам — студэнтка:
Мяне вабяць асьветы агні!
|}