Старонка:Межы (1929).pdf/96

Гэта старонка не была вычытаная

ПЕРАДВЯЧЭРНЯЕ

Пазяхнула сонца позехам салодкім
І сьпяшае рупна за нябесны схіл,
Каб знайсьці там часу на спакой кароткі,
Каб набрацца болей жыватворчых сіл.

А на зьмену сонцу выплываюць зоры,
Ды пазычыў месяц у яго сьвятла,
Каб з ліхтарняй гэтай пільнаваць прасторы,
Якіх хоча крыўдзіць ночная імгла.

Сонна зашапталі саду майго дрэвы
І гасьцінец доўгі апрануўся ў змрок;
І сьцішыўся гоман, і замоўклі сьпевы,
Нібы іх зайздросны чараўнік урок.

Ўсё накрыла коўдра летняй цёплай ночы,
І няма, здаецца, краю тэй цішы,
Што сьцішыла мары, што закрыла вочы,
Што дала спачынак многім для душы.

1923 г.