Старонка:Мужнасць (1938).pdf/123

Гэта старонка не была вычытаная

Хор бежанцаў і салдат:
Праклінаем трыжды-трэйчы:
няхай іх развее вецер,
каб не мерлі нашы дзеці,
не ганялі нас па свеце!

Запявала трэцяга хору:
Мы цяпер дадзім вам песню,
каб яе вы іншым неслі,
каб яна грымела маршам,
гуртавала сілы нашы,
руйнавала здзек і гора…
Запявайце-ж, хлопцы, хорам!

Трэці хор:
Спапялелі лясы і сялібы,
Зараслі палынамі палі.
Выганяюць народ на пагібель,
вецер кроўю прапах на зямлі.

Ходзіць голад і холад над краем,
на франтах паміраюць сыны.
І за што-ж ты нас, доля, караеш
найцяжэйшаю карай вайны?!

Нашай працаю жывяцца трутні,
пухнуць пальцы натруджаных рук…
Пад гарматамі й газам атрутным
нам даюць адпачынак ад мук.