Старонка:Мужнасць (1938).pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная

ПАЧАТАК ВЯСНЫ

Вясна прыходзіла звычайна:
на берагі глухіх нізін
сачыліся з узгоркаў тайна
крывавыя вены ручаін.
Пасля з грымотамі і звонам
вада шчапала крохкі лёд;
складалі кайстры плытагоны
і шыкаваліся ў паход,
Тады ішоў за сонцам сівер —
быльнёг праветрыць на мяжы;
са стрэх,
бядою даўняй сівых,
плылі да долу капяжы.
Галодныя каровы гвалтам
будзілі вусціш веснавы,
ламалі дзверы на кавалкі
і ў поле йшлі шукаць травы.
Чародамі хадзілі дзеці
бацькоў сваіх заўважыць след,
што дзесьці там,
на белым свеце,
рупліва здабывалі хлеб.
Нарэшце, скрозь дарогі сохлі,
вярталіся бацькі дамоў,
аглядвалі старыя сохі
пад шэпты дзедаўскіх замоў.