Старонка:Мужнасць (1938).pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

І, клянучы і так пракляты:
свой лёс
і чорны смутак дум,
на вузкія палосы з хаты
вывозілі сваю бяду.
Дзяўчаты клікалі вяснянак,
але напеў самотны быў…
Так пачынаўся першы ранак
І дзень вясновае сяўбы,
так пачыналася звычайна
згрызота думак,
і яна —
мізерная людская дбайнасць, —
так пачыналася вясна.
Даўнейшыя адпеты песні,
вясна бярэ інакшы шлях:
адменнае зусім прадвесне
мая рэспубліка прайшла.
Узняўшы струджаныя сілы
на стоптаных абшарах скрозь,
яна ў змаганні нарадзіла
і ўзгадавала дужы рост.
Яна старанна так і дбайна
да мэты высцілала шлях,
і на палі прышлі камбайны,
і радасць новая прышла.
Зруйнованы дашчэнту межы,
прастораў зрокам не абняць,
да іх навальна з ветрам свежым
прыходзіць бурная вясна.