Старонка:Мужнасць (1938).pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

ЛЕТНІ ДЗЕНЬ

За драўлянымі млынамі,
Дзе канчаюцца масты,
Шырачэзнымі лістамі
Ахінуліся кусты.

Ад крутых віроў глыбокіх
На пясчаны перакат,
Прамяністая ад спёкі,
Выгінаецца рака.

Перад поплавам на градах —
Мак высокі і густы,
Там камандуе парадам
Сам сланечнік залаты.

А за рэчкаю,
На правых,
На высокіх берагах,
Знепакоіліся травы
У някошаных лугах.

Луг заліўся галасамі,
Да яго ва ўсе канцы
Вышлі роўнымі радамі
Загарэлыя касцы.