Старонка:Міколава гаспадарка (1927).pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

Не! Мікола ня кулак,
У таго ня столькі!
Ён — найболей — серадняк
І ня болей толькі!
І ня толькі серадняк —
Гэтага-б замала —
Паглядзеце, што і як
Праз яго паўстала:
Перш на перш — капераціў, —
Лепшы ў вакрузе, —
Ён за месяц узрасьціў,
Як вярбу на лузе…
Кінь, суседка і кума,
Думаць аб Абраме,
Бо чаго-чаго няма
У хаўруснай краме?!
Усё — ад мазі і цьвіка,
Мыла і газьніцы
Да карун і апліка, —
Аж трашчаць паліцы!
А цана? Я спраўдзіў сам:
Не прадасьць і сьмецьце
Па такой цане Абрам
Ні завошта ў сьвеце!