— Татка, жорны пустыя…
— Ах ты! Задумаўся і не паглядзеў… Тоісь не паслухаў і не памацаў…
Ад крыўды і злосці пальцы яго згінаюцца ў кручкі.
Больш пустых жорнаў не круціць. Слых навастрыў, у коўш часта рукою „заглядае“. Ногі ўжо не расстаўлены як да працы пілою. Бяссонных начэй яму цяпер таксама не страшна — гудуць жорны, як тысячы год таму назад.
Ноч.
Ці не ўсёроўна? Не — не ўсёроўна. Рыжы Антось прыслухоўваецца больш, чым заўсёды. У хаце спіць запрацаваная сям‘я, спіць спакойна і цёпла, як жывёла. Нешта мармыча праз сон Ляксейка:
— Не тое…
У хляве карова трэцца аб сцяну.
— Не тое…
Ён забывае жорны і доўга слухае, ціскае плячыма і дзівіцца. У густой цемры сянец аганёк папяроскі блішчыць рубінам. Засвеціцца на міг кружок каля губ і зноў патухне.
Рыжы Антось стаіць і прыслухоўваецца няма ведама да чаго. Ён нечым празмеру зацікаўлены, круціць галавой з нейкім шкадаваннем, бярэ з умоўнага кутка ля жорнаў свой кій і павольна прабіраецца на двор.
Над будынкамі, над непрытульнымі восеньскімі палямі вісіць акрываўлены серп. Вось-вось уткнец-