у мазгі ўбіваў — вось мой бацька і забраў іх ад яго. Каб ён не быў маім шваграм, даўно-б сказаў аб ім каму трэба. Няхай падзякуе, што маўчу. Ён-жа мне вораг, брат твой. Здаецца, і ты чула не раз, як ён бэсціць мяне, якімі словамі называе. Нават чужым чорт ведае што пра мяне гаворыць. А колькі бяды пасыплецца на маю галаву, калі даведаюцца, хто ён і што ён. Гэта-ж ён зусім неасцярожны з мужыкамі. Гаворыць з імі як роўны з роўным, і цэлую музыку аб вайне заводзіць. Няхай падзякуе, што я маўчу. Ведаеш, што я не шкадую есці твайму брату, але не трэба пляваць у калодзеж, з якога п‘еш.
Кантаровічыха слухае і плача. Яна між двух агнёў.
Аднак Шыман Кантаровіч і маўчыць, і не маўчыць… „Па сакрэту“ расказвае аб швагру ўсё, што толькі ведае. Расказвае з той мэтай, каб хто-небудзь сказаў каму трэба — хоць-бы бліжэйшаму начальніку — урадніку Зайцу…
Шыман Кантаровіч не даносчык, але няхай аб гэткіх справах ведаюць другія. Можа хто з іх…
І Шыман Кантаровіч чакае падзеі. А падзеі няма. Дзівіцца ён, што людзі ведаюць і маўчаць…
— Ша, ша… Зацікавіліся…
Нізенькі Гарасім і кульгавы Макар пачалі прыходзіць да Шагала. Прыходзяць на гумно, дзе ён сядзіць і чытае кніжкі. Там гутараць сабе ды гутараць. Шыману часу няма пайсці ды паслухаць, але ён і так добра ведае, аб што ідзе гутарка.