Ім усім ён тут чужы, а вось павінен сядзець на іхніх хлябах і бываць у кампаніі з рознымі пустымі людзьмі, гуляць у карты і хавацца куды больш старанна за іншых „зайцоў“, бо ён і дэзертыр вайны і наогул чалавек з тых, якімі паліцыя вельмі цікавіцца. Толькі адзін раз у Менск з‘ездзіў. Сустрэўся са старым таварышам. Узяў для вёскі пачку пракламацый. Ён робіць дакоры самому сабе:
— Зараз зраблюся падобным да Левіна, буду спакойна „назіраць“ за ўсім, што робіцца вакол. Праўда, крыху пазнаў вёску, але не будзеш цяпер, ды яшчэ ў такім становішчы, мітынгаваць перад грамадой. Гутарка з асобнымі сялянамі перад носам фронта справа не кепская, але тырчу я тут, як ражон. Шмат каму вочы намазоліў. А Сухадолец добра спраўляецца з пракламацыямі.
У апошні час Шагал пачынае хадзіць у грыбы. Ходзіць бадай штодня за пяць вёрст ад мястэчка. І вось зусім неспадзявана сустракае там старога таварыша Ваньку Купцэвіча — пад партыйнай мянушкай Тарас. Даўней у Смаргоні Тарас апекаваўся над ім — слабейшым таварышом, — быў яго настаўнікам, выцягнуў з Бунда.
Цяпер ад вялікай уцехі ў Шагала на вачах блішчаць слёзы. Тарас толькі адзін міг быў радасна ўсхваляваны, і вочы яго зараз-жа паспакайнелі, і ён сказаў Шагалу такім тонам, нібы разлучыліся яны толькі ўчора: