локцях, у старых ботах. Яго светлыя вусы блішчаць на сонцы. Настрой у яго добры. Шагал пазнае не па вачах, а па голасе. Ніколі раней, як памятае Шагал. Тарас так шчыра па-дзіцячаму не смяяўся, як вось цяпер у лесе з кошыкам у руках.
— Калі так, — кажа Шагал, — дык навошта мне грыбы? — і ён вывернуў кошык на мох.
— Збяры назад, дурны! Гэта будзе нашай вячэрай, бо мой брат не такі, як твой Шыман; асаблівай раскошы ў яго няма, апрача хлеба і бульбы.
Вялікая сям‘я тарасавага брата радасна сустракае гасцей з грыбамі. Сонца ўжо на захадзе. Грыбы з бульбай яны — з усёй сям‘ёй ядуць на дварэ, бо ў хаце цесна. Брат Тараса, старэйшы за яго на гадоў дзесяць, вельмі падобны да яго светлымі вусамі, спакойнымі вачыма і голасам.
— Вось такім, — кажа Шагал да Тараса, — ты будзеш праз дзесяць год.
— Затое брат мой будзе выглядаць куды лепш, чым цяпер. Ён яшчэ моцны чалавек, дажыве да лепшых часоў. Дзеці яго будуць вучыцца ў універсітэтах. А мы з табою… Ого-го! Няхай толькі возьмем уладу ў свае рукі. Пролетарыят цяпер на фронце, але зброі з сваіх рук не ўпусціць, накіруе супроць сапраўдных сваіх ворагаў…
— Да гэтага яшчэ далёка, — кажа Шагал.
— А што ты думаеш? Рэволюцыя можа адбыцца так неспадзявана, што нават не агледзішся.