— Не прыкідвайцеся, Левін. Вы ўжо сталы чалавек. Усе мястэчка ведае, што вы зводзіце Іру. Вы нагаварылі яе ісці акопы капаць.
— Няпраўда.
— Вы яе баламуціце. Цэлымі начамі няма яе ў хаце. Я не дазволю. Не дазволю! Тут вайна, невядома, што з намі ўсімі будзе, а вам чорт ведае што ў галаву лезе.
— Не ваша справа, што мне ў галаву лезе, — злуецца Левін.
— Прыехаў з горада, і чорт ведае чым займаецца!
— Чым?
— Усё мястэчка гаворыць. Заўсёды з Ірачкай. Ніколі яе ў хаце няма. У каго не папытаюся — з Левіным цягаецца. Ці-ж на гэта ёй гімназія патрэбна была? Скажыце, Левін? Усё мястэчка гаворыць, што на гэта ёй гімназія не патрэбна.
Левін не ведае дзе дзецца. Ідзе прасёлачнай дарогай па тым баку возера на новыя хутары, што пабудаваліся за апошні час. Гады чатыры таму назад пан Манілоўскі прадаў сялянам дзялянкі на старых пасеках, дзе віленскія купцы высякалі лес. Тут ён, Левін, быў раней прыказчыкам, а яго бацька вазіў калоды на рум.
Ідзе Левін у той бок і раптам спыняецца і здзіўлена таропіць вочы.
Недалёка ад дарогі, у нізіне дзівосная групка