— Ціха, ты! Наравістая… Пугі на цябе няма, — жартуе араты. — Тузгаюцца, пане мой, круцяцца-верцяцца. Ніяк танцаваць не хочуць пад маю каманду. А даліка-а-атныя — бачкі, кажуць, намулялі, грудзі. Ніяк не ўгодзіш, каб яе ваўкі зарэзалі, гэткую тройку! Папружачкі, кажуць, не падабаюцца. Дай ім такія, як у пана Манілоўскага — са срэбнымі бамбэлачкамі, каб блішчэла ды звінела. Я вам заблішчу і зазвіню!
— Годзе языком малаціць! — зноў крычыць адна з тройкі.
Тройка садзіцца ля сахі, скінуўшы папружкі — старыя мяшкі, прымацаваныя да лейцаў. Усе яны ў аднолькавым паркалёвым адзенні. Старыя жанчыны з хусткамі на галовах, а маладая — дачка гаспадара — без хусткі. Твара яе Левін не бачыць, яна саромеецца яго і адварочваецца. Ён бачыць толькі яе зграбную русую галоўку з чырвоным грабеньчыкам у валасах.
— Змарыліся? — пытаецца Левін.
Жанчыны маўчаць. За іх адказвае гаспадар:
— Дзе, пане мой, бачыў, каб коні гаварылі? А работа ў іх нялёгкая. Мой буланы стары быў, худы і карослівы, а цягаў саху люба-дорага. Лепш за гэту тройку.
— Трэба як-небудзь каня набыць, — радзіць Левін.
— Трэба! — зноў пачынае злавацца гаспадар, і вочы яго мігацяць двума вугольчыкамі. Ён рухае рукамі так, нібы за лейцы цягне. — Трэба! — і пагрозна глядзіць на Левіна. — Дзе ты купіш каня,