Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/159

Гэта старонка не была вычытаная

Язэп паказвае небу дзве касцістыя фігі, з якіх сыплецца пясок, быццам з толькі што выкапаных бульбін.

Усе тры кабеты, бледныя і спалоханыя, ускакваюць з зямлі, аглядаюцца навакол такія збянтэжаныя, нібы зараз іх усіх тут глыне зямля. У іхніх вачах блішчаць слёзы. Іх вельмі ўстрывожыў „вялікі грэх“ Язэпа. Ён пазірае на іх, расчулены раптам іхнім шчырым страхам, і зноў становіцца пакорлівым, лагодным і вельмі падобным да закатаванага, замучанага чалавека…

— Годзе, міленькія, давайце будзем араць, а то яшчэ горшы грэх учыню… — І Язэп бярэцца за саху.

Тры жанчыны моўчкі ўстаюць, насоўваюць на сябе папружкі, нацягваюць лейцы, напружна нахіляюцца, і вочы іхнія — ці мо‘ Левіну так здаецца — адразу трацяць чалавечы выгляд…

— Ну, міленькія, — кажа дабрадушна Язэп, — пачынаем новую баразёнку для пана Манілоўскага.

*

Уцякае Левін ад свежаўзаранай глебы, як ад страшнай балючай раны — і, не гледзячы больш на аратая і тройку, дамалёўвае сам:

Паволі рухаецца наперад Язэп. У яго такое меркаванне, каб самому і кіраваць сахою і глыбока ўрэзвацца нарогамі ў зямлю і падпіхваць наперад, каб тройцы было лягчэй. Пры гэтым ён падобны да пакорлівага чалавека. Але вось розныя