думкі пачынаюць яго хваляваць — і гнеў і страхотная сіла зноў мяняюць выраз яго твара. Праходзіць цяжкая, як глеба, хвіліна, яшчэ адна, і яшчэ. Марудна, да прыкрасці марудна, расце баразна за баразной. Цяжка сапе ратай. Ніжэй да зямлі прыгінаецца тройка, рукамі дастае бадай да зямлі. Зараз на ўсіх чатырох пойдзе — на руках і нагах. У жанчын разяўленыя раты, чырвоныя ад натугі твары, а вецер падносіць Левіну пад самыя ноздры агідны пах поту чатырох чалавек, змораных непасільнай працай.
А вось другая тройка — на дабрачынным вечары ў Вільні на карысць раненым салдатам. Аддаў тады Левін за білет адну з сваіх нямногіх трохрублёвак і пайшоў на гэты вечар.
Там прыгожыя дамы прадавалі пацалункі: у палец — пяць рублёў, у далонь — шэсць рублёў, да локця — дзесяць рублёў, далей па ўмове з дамай. У афішах быў надрукаваны падрабязны прэйс-курант.
Сярод балетных нумароў тры прыгожыя дамы — балярыны-аматаркі пад псеўдонімамі Афрадыта, Дыяна і Венера — танцуюць „тройку“: рамантычную, пышную, апяваную ў вершах і прозе панскую тройку. У трыко ружовага колеру цела і ў кароценькай, зусім кароценькай вопратцы блакітнага колеру неба, у шаўковай збруі, аздобленай бліскаўкамі — тройка кружыцца па сцэне са званкамі ў руках. Тройкай кіруе фурман. У адной руцэ ён трымае бутафорскія лейцы таксама ў бліскаўках, у другой — такі-ж бізун. Балярыны зво-