Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/162

Гэта старонка не была вычытаная

XI

Дастаўшы адтэрміноўкі ад воінскай павіннасці, Гарэлік перастаў быць ціхім анёлам. Ён гаворыць цяпер са сваімі супольнікамі Кантаровічам і Сакалоўскім зусім новай мовай.

— Давайце мне сюды рахункі! Дзе мае пяць тысяч?

Гарэлік стукае кулаком аб стол і робіць страшныя вочы.

— Рахункі і грошы!

Шагал на хутары ў Тараса. Няма лішніх сведак. Шыман Кантаровіч і Сакалоўскі маўчаць, Сакалоўскі ўжо сказаў сваё, і Шыман з ім згодзен:

— Супакойся, Гарэлік-ёлап, тады мы з табой будзем гаварыць.

Яны чакаюць, пакуль Гарэлік супакоіцца. Чакаць прыходзіцца доўга. Кплівае маўчанне хаўруснікаў злуе Гарэліка яшчэ больш. Як не хоча гаварыць спакойна, яму гэта не ўдаецца. У яго ўнутры сядзіць другі Гарэлік і цягне першага за язык:

— Рахункі і грошы!