калі супакоіўся, можна з табою гаварыць па-чалавечаму. Грошы, як табе вядома, у гэты момант вярнуць не можам, бо яны ў тавары, а рахункі ты, не будзь ёлапам, і прагледзь. Тады пабачыш, што ў нас не толькі заробкаў няма, а наадварот. Мы шмат страцілі за апошні час. Прыёмачная камісія забракавала тавар і скруціла палавіну грошай. Дзякуй богу, пане дабрадзеенку, калі дастанеш чыстаганам тры тысячы, а вось і рахункі.
Сакалоўскі кладзе на стол некалькі запісных кніжак і пачынае тлумачыць лічбы. Вочы Гарэліка наліваюцца агнём, на губах паказваецца пена і ён пачынае выць немым голасам:
— Жулікі! Грабежнікі! Рэ-э-эжуць!
— Супакойся, — просіць Сакалоўскі, — не будзь ёлапам.
— Чаму вы раней цешылі мяне вялікімі заробкамі?
Стары кніжнік, які адным вухам прыслухоўваецца да спраў зямлі, выскаквае з свайго пакойчыка, як малады.
— Сынку мой… — кажа ён. — Ты-ж быў тады „зайцам“, быў такім няшчасным… Не хацелі трывожыць твайго здароўя. А ты цяпер не злуйся. Адзін цадык[1] гаварыў, што злосць такі вялікі грэх перад богам, усёроўна як маліцца ідалу.
Гарэлік уздрыгвае і пачынае скрыгатаць зубамі.
— Маўчаў бы лепш, стары круцель! — крычыць
- ↑ Праведнік.