Прыносяць у хату тоўстую пачку вузенькіх і тоненькіх лісткоў. Ужо зусім відна, калі прыгожы афіцэр піша нешта пры стале. Потым кпліва-ласкава кажа брату Кантаровічыхі:
— Апранайцеся і пойдзем.
Старая махае рукамі, як паламанымі крыллямі:
— Куды? За што? За гэтыя паперкі?
У прыгожага афіцэра добры настрой. Ён шчыра смяецца і нават са спачуваннем пазірае на старую. Нават брат, бледны і маўклівы, усміхаецца на матчыны словы, спакойна апранаючы паліто. Маці бяжыць да дзвярэй з такім спрытам, нібы памаладзела раптам на трыццаць год.
— Не пушчу! Сын не вінаваты! Ён-жа толькі настаўнік…
Афіцэр жартуе:
— Кепскі настаўнік, калі па гэтых лістках людзей вучыць.
І такі ў жандара лагодны голас, і такія прыгожыя блакітныя вочы… Старая нахіляецца, каб злавіць яго руку.
— Даруйце, паночак, майму сыну… Ён больш не бу-у-дзе…
Цяпер у брата Кантаровічыхі цямнеюць вочы, а голас, голас… Ніколі Кантаровічыха не чула такога:
— Перастань! — крычыць ён да маці. — Перастань!
Жандары адцягваюць старую. Брата выводзяць.