„Згарэла Смаргонь, дык яны па іншых гарадах робяць сваё ранейшае. Нейкія там ліцейшчыкі, ткачы — усё іх абыходзіць…“
Былы гарбар і былы настаўнік выбіраюцца адгэтуль уночы пехатой на хутары. Добра, што няма ў хаце Шымана. Ён кудысьці паехаў з Сакалоўскім.
Шагал сказаў сястры, што паедуць у Менск, але з іхніх гутарак яна выпадкова падлавіла, што з Менску паедуць далей — ні то ў Маскву, ні то ў Петраград.
— Шыману ні слова не кажы, куды паеду, — просіць яе Шагал.
Ураднік Антон Заяц — сівавусы са стрыжанай сярэбранай галавой, з гладкім ружовым і ясным, як сонца, тварам — працуе ў паліцыі ўжо каля трыццаці год. Быў спачатку пісарам у мястэчку Гайнаве, працаваў у канцылярыі станавога прыстава, а ў 1905 г. даслужыўся да чына ўрадніка; вышэй не ідзе, і гэта яму вельмі крыўдна. Яго начальнік, станавы прыстаў Кіркевіч, можа быць яму сынам, а прыходзіцца падчыняцца маладому.
Ён калісьці так стараўся стаць ураднікам, ажна хацелі яго забіць. Каб не Шыман Кантаровіч (схаваў яго ў возе пад саломай і павёз да сябе дамоў), яго можа даўно на свеце не было-б. З таго часу ў яго з Шыманам вялікая дружба.
Цяпер ён марыць аб тым, каб стаць прыставам.