— Ратуйцеся, як хто можа.
— Разам, разам будзем. Тады смялей неяк…
— Гэта каб нас разам адным махам казакі перарэзалі? Дзякую і зноў кажу: ратуйся, як хто можа.
— Расставім варту па ўсіх чатырох канцах мястэчка, і як вартаўнікі пабачаць войска, тады нам накажуць, і мы кінемся наўцёкі.
— Куды? Чаго? А бэбахі нашы? А каровы, козы? Яшчэ варту зловяць і падумаюць, што шпікі. Лепш дабро сваё схаваем па суседзях у ваколіцы.
— Чым суседзі забяспечаны лепш за нас? Немцы не толькі на Каганцы ідуць. Яшчэ сусед забярэ дабро і скажа, што салдаты ў яго аднялі.
Кожны местачковец мае свой погляд на справу, а ў дадатак яшчэ сочыць за тым, што іншыя робяць. Ходзяць каганецкія з аднаго канца мястэчка ў другі канец і не ведаюць, што рабіць.
Цёмная ноч. Левін працуе лапатай. Выбраў пагурак за хлявом на гародзе і капае яму. Па землякойству зубы свае з‘еў. Пад варожымі аэрапланамі гэтым займаўся. Яшчэ мазалі не зышлі з рук… Капае Левін і чуе, як на суседнім гародзе ў салдаткі Ганулі тое самае робяць. Ён бачыць схілены сілуэт бацькі Ганулі, чуе шорханне яго лапаты. Праз вуліцу — за плотам тое самае. Крадучыся адны ад адных каганецкія капаюць магілы для свайго дабра.