Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/181

Гэта старонка не была вычытаная

свет. І нікому не верыцца, што ў сляпога могуць быць такія вочы. Рыжы Антось усюды кажа адно і тое самае:

— Бліндажы. Трэба капаць ямы, рабіць на іх накат з бярвенняў, насыпаць зверху зямлі і пакінуць месца для ўваходу. У часе перастрэлак можна там хавацца.

Рыжы Антось нясе ў сваіх вуснах людзям у вялікай бядзе нейкую надзею. У справах вайны суседзі больш сляпыя за яго…

— Бліндажы…

А людзям, якія мо‘ ўпершыню чуюць такое слова, гэта здаецца паратункам.

Паводле інструкцыі рыжага Антося і вясковыя і местачкоўцы капаюць бліндажы. Устаўляюць туды драбіны і абарона гатова. У Каганцах агульнымі сіламі зроблены два бліндажы. Каганецкія глыбокадумна абмяркоўваюць гэты спосаб абароны. Вочы ў іх ліхаманкава гараць, а твары бледнажоўтыя, як пасля хваробы. І дзіва — у кожнага з іх цяпер аднолькавыя рухі: лакцямі цярэбяць бакі і, крадучыся адны ад адных, лезуць рукамі за пазухі ды з заядлым гневам і помстай шукаюць пальцамі пад кашуляй, Зусім не дзіва — больш за дзесяць дзён ніхто ў ваколіцы не распранаецца.

Дзеці заселі ў бліндажах і не хочуць вылазіць адтуль. Крычаць, свішчуць і не ведаюць, дзе дзецца ад радасці.

Каганецкія гатовы сустракаць фронт у поўным узбраенні…