і яны ходзяць па людзях прасіць, каб ім кніжкі чыталі…
— Я-б ім такое чытаў, аж валасы вылезлі-б у іх ад страху. А што табе пачытаць?
— Нешта аб народзе, аб жыцці… Рабі, брат, ласку сляпому…
Левін глядзіць на рыжага Антося і мяркуе. Нарэшце дастае том Некрасава. Пачынае чытаць павольна і з тлумачэннямі.
Рыжы Антось уважліва слухае і час ад часу ад хвалявання барабаніць пальцамі аб стол.
Левін робіць маленькі перапынак і рыжы Антось кажа:
— Ах, ты! Гэта-ж выходзіць, што я ўсё жыццё быў сляпым, калі не мог чытаць такіх кніжак пра народ, пра беднага нашага чалавека.
— Так, братку. Такіх сляпых у нас яшчэ мільёны. Начальству выгадна, каб народ быў сляпы.
— Яно так і ёсць! — згаджаецца рыжы Антось. — Ну, яшчэ крыху пачытай мне, рабі ласку. Так-бы слухаў і слухаў… Ах ты…
Ад водсвету зарыва змрок каганецкай ночы крыху радзее.
— Гэта зарыва можа і ёсць залаты хвост маёй рамантычнай павы-купавы, — кажа Іра Левіну.
Ёй удалося вырвацца з-пад хатняга арышту сваёй маці. Цёмнай вуліцай яны ідуць праз мястэчка ў бок выгану. Чорныя сілуэты дамоў нагад-