У кутку, адгароджаным дошкамі, шэпчуцца браты і сёстры.
Ля старой камоды блішчыць светлячком бацькава папяроса. Бацька курыць і маўчыць з нейкім углыбленым несупынным сумам. Бацька ніколі раней такім не быў.
Саламон, або Шлёма, старшы сын Шолама, помніць бацьку зусім маладым. Яшчэ з тых часоў бацька лічыцца „таленавітым чалавекам“. Ён „усё ўмее“. Пару чамаданаў збіў з дошчачак, абклеіў палатном ды афарбаваў. Сам змайстраваў канапу, на якой Левін спіць заўсёды, калі толькі бывае дома. Гадзіннікі папраўляе, грае на скрыпцы і вельмі любіць коняй. З узварушлівай пяшчотай абыходзіцца з імі. Каня ён мае для возкі лесу ў купцоў, дык усе свае заробкі аддае на авёс і сена. Возка лесу скончылася з самага пачатку вайны, але бацька не прадае каня. „Без каня жыць не магу“. Маці занята двума справамі — гадаваннем дзяцей і шыццём для сялянак. Апошнім яна больш займаецца паначы. Усё жыццё стракоча на швейнай машыне. Браты і сёстры (старшай сястры шаснаццаць, а малодшаму брату шэсць год) ходзяць абарваныя. Бацька мае на гэта свой погляд. „Мой абавязак даваць ім хлеб, а ўся рэшта — абавязак бога“. І адзін, і другі не выконваюць сваіх абавязкаў. Вось чаму сёстры з дванаццацігадовага ўзросту бяруць частку гэтых абавязкаў на сябе; знаёмяцца з працай на швейнай машыне. За новую машыну Зінгера яны яшчэ не скончылі