Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/186

Гэта старонка не была вычытаная

выплаты. Хлапцоў бацька не выпускае з-пад сваёй апекі. Ён у іх выхоўвае сваё замілаванне да коняй. Яны павінны пасвіць каня, паіць і чысціць. Старшых дзяцей бацька ад сябе нікуды не адпускае: „Што бог дасць — тое і будзе. Не хачу, каб мае дзеці па свеце бадзяліся, як нейкія безбацькаўцы“. Пры вялікіх скандалах Саламон Левін, старшы сын, сядзеў вечна над кнігамі, „адарваўшыся ад каня“. Сядзеў уночы (калі быў лясным прыказчыкам), пры той самай лямпачцы, пры якой маці шыла гардэробы для сялянскіх нявест. Да стракатання машыны Левін прывык яшчэ з калыскі. Гэта яму не перашкаджала. Нават вершыкі пісаў пад гэты шум. Пасля вырваўся ў Вільню і пражыў там аж тры гады.

*

Левін чуе тупат конскіх капыт. Ён глядзіць у акно праз шчыліну фіранкі і бачыць некалькі сілуэтаў коннікаў з доўгімі пікамі.

— Казакі… — шэпча ён бацьку.

Казакі спыніліся ля іхняй хаты і давай пікамі стукаць у акно. Потым давай трасці і рваць дзверы і крычаць нешта неразборлівае. У вялікім страху ўсе ўскакваюць з ложкаў.

— Дачакаліся, шэпча бацька і ідзе адчыняць дзверы.

У гэты-жа час маці выпускае дзяцей на двор праз чорны ход. Левін вядзе іх на гарод за хлеў, дзе яны прытуліліся да сцяны, гатовыя ў любую хвіліну ўцякаць у поле…