У пана жонка немка. Помніш, Шлойма? Нямецкія бракаўшчыкі прымалі тавар у віленскіх купцоў у лесе Манілоўскага. Бракаўшчыкі жылі ў маёнтку, хадзілі на паляванне па ўсёй ваколіцы. Але-ж у маёнтку цяпер адзін толькі аканом і то, здаецца, усё дабро адправіў за Менск у свой другі маёнтак.
— Ну іх к чорту! — злуецца Левін. — Адзін з іх, калі я паіў коняй, крычаў на мяне „Флінк! флінк![1]“, як парабку ўсёроўна.
— Здаецца мне, Шлойма, што начальнік іхні з закручастымі вусамі, якому другія ўвесь час чэсць аддавалі, быў бракаўшчыком у лесе Манілоўскага…
Левін не помніць такога бракаўшчыка і не ведае немкі-жонкі пана Манілоўскага. Ён бачыў паноў вельмі рэдка, калі яны праязджалі праз мястэчка на тройцы альбо конна ў чорных даўгіх накідках, што затулялі і конскія клубы. Кожны раз яны праязджалі так хутка, аж іхніх твараў нельга было добра ўбачыць. Мільгалі толькі даўгія вусы пана і чорныя бліскучыя вочы пані. З простых людзей мала хто іх ведае тут. Толькі прозвішча пана гучыць у ваколіцы не як міф, а як грозная сапраўднасць. Калі хто патрабуе панскай ласкі, дык мае справу з яго аканомам, перад якім нават на каленях стаіць і рукі яго цалуе. Левін бачыў таксама, як хлопчыкі Шымана Кантаровіча — Цодык, Борах, Мендаль, Зорах — выдрэ-
- ↑ Жыва! жыва!