Іры, худая і высокая, ходзіць ад хаты да хаты, як спутаная (ад страху і радасці ў яе слабеюць ногі), і віскатлівым голасам называе ўсіх каганецкіх дзецьмі.
— Дзеці, мы ўжо немцы!
Яе паважная хада і востры голас робяць уплыў на іншых каганецкіх. Яны паўтараюць за крамнічыхай:
— Мы ўжо немцы!
Нямецкі патрыятызм крамнічыхі, які ўцягнуў у свой віхор нямала людзей, мае пэўную крыніцу: дачка крамнічыхі вывучала ў гімназіі нямецкую мову і яе веды марна прападаюць. Іра, праўда, крыху паспела ўжо забыць гэту мову, бо ад пачатку вайны яна забаронена, як мова ворага, затое цяпер падвучыцца… Вось адкуль цягне сокі нямецкі патрыятызм гандляркі селядцамі і газай.
— Пры такой нямецкай арыентацыі ў Каганцах Шолам не можа хаваць свайго сакрэту за трыма замкамі. Ён хваліцца і ўсе яму зайздросцяць:
— Першая нямецкая разведка ўначы спынілася ў маёй хаце…
Але ў яго ёсць канкурэнт — мельнік Берка. Той даводзіць, што першая нямецкая разведка якраз у яго, Беркі спынілася… І толькі ў яго… Няхай хоць дваццаць Шоламаў скажуць адваротнае, а гонар гэты належыць яму, Берку.
Паміж двума шчаслівымі людзьмі адбываецца гарачая спрэчка за гонар пяршынства.