падарункамі яны адкупіліся ад гонару прыбіраць для немцаў памяшканне і паіць і чысціць іхніх коняй. Вось і чвакае апетытна гэты салдат з вусамі „аля Вільгельм“, крычыць на каганецкіх, а каб паказаць ім сваю агіду да іх, часта задзірае нагу і пад заліхвацкі рогат сваіх таварышоў выдае трубны гук…
— Орднунг… Орднунг… — супакойвае каганецкіх і ваколічных сялян начальства атрада і з мясцовага насельніцтва вызначае людзей для збору яек, хлеба, малака, аўса…
— У „русішэ швайн“ няма орднуйг. У нас — орднунг.
І тлумач-пазнанец перакладае:
— Русішэ швайн — рускія свінні, орднунг — парадак.
У іх такі орднунг, што нават запісваюць ад каго, што і колькі ўзята — і выдаюць квіткі на атрыманне грошай… пасля заканчэння вайны.
Для навядзення орднунг прыцягнуты самыя паважныя людзі — Кантаровіч і Сакалоўскі. Яны з начальствам за панібрата.
Орднунг даходзіць аж да печаў каганецкіх гаспадынь. Салдаты выцягваюць з печаў гарачыя шабасовыя пшанічныя „халы“ і кладуць у свае мяшкі.
Гэта не зусім падабаецца каганецкім. Хоць тут ужо вайны няма, але такі мір хай разам з вайной прападзе і згіне ў пустых палях і лясах…
Каганецкія дзяўчаты хаваюцца ў цёмных аль-