Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/195

Гэта старонка не была вычытаная

керыках і стараюцца не паказвацца немцам на вочы. Немцы пытаюцца праз сваіх тлумачоў:

— Дзе вашыя пупхен?

— Няма ў нас тут дзяўчат, — адказваюць каганецкія. — Як прыедзеце ў Менск, мы вас з імі пазнаёмім.

Злуюцца немцы:

— Русішэ швайн!

Каганецкія разумеюць гэтыя словы без тлумачэння (яны крыху анямечыліся і дзівяцца зменлівасці ўлады і нязменлівасці „лёсу“: пры рускіх яны „нямецкія шпіёны“, пры немцах — „русішэ швайн“…

Дзядзька Левіна Бенцыян мае на гэта свой погляд:

— Усе яны, і рускія, і немцы, праўнукі Гамана[1], але ў нас ёсць абаронца — яўрэйскі бог.

*

Лейба Кантаровіч знаходзіць сярод нямецкіх салдат уцеху — яўрэя.

— Па вачах і па носе пазнаў, — радуецца стары кніжнік.

Той, праўда, па-яўрэйску гаварыць не ўмее. Ён гаворыць па-нямецку. Стары кніжнік нічога не разумее, але „нямецкі яўрэй“ кажа яму, як пароль, пачатак малітвы:

— Шэма, Ісроэйль[2].

  1. Гаман — антысеміт, пагромшчык.
  2. Слухай, Ізраіль.