Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/209

Гэта старонка не была вычытаная

— Дзе ключ?

— Не дам ключа. Пост.

Малы хлопчык пачынае плакаць:

— Есці хачу…

Заўсёды лагодная і такая добрая маці робіцца сёння тыранам — морыць дзяцей голадам.

— Усе павінны пасціць!

— Глупства гэта ўсё — вашы малітвы і ваш пост, — абураецца Левін. — Ты, маці, лепш малога накармі.

— Што?! — дзівіцца Шоламіха, — „вашы малітвы, ваш пост“ (яна робіць націск на словы „вашы“, „ваш“). А ты сам на старане? Збоку прыпёку? Выключаеш сябе з кагалу? У Вільні гоем[1] зрабіўся…

Шоламіха глядзіць на свайго старшага сына гнеўнымі вачыма. Зусім не матчыны вочы. Усё, што яна адпакутавала за сваё жыццё, гарыць цяпер у яе вачах агнём гневу і крыўды. І голас яе зменены — не голас маці.

— Выгадавала цацу на сваю галаву. Усё ў яго глупства? Знайшоўся разумнейшы за ўвесь свет. Калі ты такі хохам[2], дык выратуй нас ад бяды! Ну, выратуй! Ну…

— Як гэта выратуй…

— Ага! Вось які ты хохам!

— Але пры чым тут пост?

— Пры чым? Каб мы бога адчулі ў голадзе. Богу ахвяра патрэбна.

  1. Гой — неяўрэй.
  2. Хохам — мудрэц.