Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/120

Гэта старонка не была вычытаная
БАРЫС СЬВЕРДЛІН.

Плывуць дзянькі…

Плывуць дзянькі, нібы чаўны у моры,
Кудравіць вецер кучаравы гай,
Гамоніць сум ліпнёвы у прасторы,
Пад сонцам нікне ціхая туга…
Праходзіць лета, а за ім і восень,
Праходзіць восень, а за ёй зіма…
І дні шумяць як голас стромкіх сосен…
А тых што адыйшлі — няма…
Плывуць вясёла вольныя гадзіны,
Мінае час свавольнага жыцьця…
Сумуюць сёньня восеньню каліны,
І струны ў сэрцы галасьней зьвіняць.
А дні плывуць, нібы чаўны у моры
Кудравіць вецер кучаравы гай
Гамоніць сум ліпнёвы у прасторах
Пад сонцам нікне ціхая туга.




У. ЯЦКЕВІЧ.

∗     ∗

Край ты мой!.. Залатое калосьсе
У адвечнай блакіцені даль.
Ветры дзікія больш не галосяць
І палі ня зьвівае жуда.
Край ты мой!.. Балаты і раўніны
Ды вазёры як люстры гараць,
Стужкай рэчкі плывуць па далінах
Люба ім берагі цалаваць.
А лясы ды курганы ад вока
Хаваюць абшары раўнін…
Разышліся дарогі далёка
За палі, ў васільковую сінь…
Адвячоркамі з сіняга гаю
Люба песьні пяяць салаўям…
О, краіна мая залатая!..
Беларусь, дарагая мая!..