Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/123

Гэта старонка не была вычытаная

бальшавікоў, але ня мог звыкнуцца і тут, бо ня умеў працаваць. Тутака ён капаецца ў сваім «я», сумуе і адзін выхад знаходзіць у набажэнстве. Прыехаўшы да бацькі ў вёску, ён ня здольны разабрацца ў зьявах новага жыцьця. Бацька яго ўбачыўшы, што сумуе ён таму, што няма ў ім яго, бацькаўскага «духу», духу працавітасьці, што ён лішні ў яго, выпраўляе з дому. Залес — валацуга. Ен ня можа знайсьці свайго месца ў жыцьці і правільна ахарактарызаваны камсамольцам — гніль.

Тэма, узятая аўтарам, у нашай беларускай літаратуры зьяўляецца новай і аўтар можна лічыць, што справіўся з ёю. Прадстаўнікі сваёй эпохі ў расейскай літаратуры далі такіх тыпаў.

Залесы ў наш час — гэта трэскі, ускінутыя хвалямі рэвалюцыі, якія ня могуць прыбіцца ні да аднаго берагу і носяцца на грэбнях гэтых хваляў. Яны маюцца ў нас і цяпер. Гэта — пошасьць нашай савецкай грамадзкасьці, ад якой мы паступова вызваляемся.

Заслуга аўтара ў тым, што ён у даволі яскравых фарбах перадаў нам прадстаўніка рэшткі гэтых нікчэмных адміраючых людзей. Цікава чаму наша крытыка абыйшла моўчкі гэты твор (ня лічачы невялічкай газэтнай рэцэнзіі).

У апавяданьні «Вырвалася» менш шчырасьці і нібы шаблённасьць. Каця — дачка сялян прымушалася бацькам выйсьці за кулака, быўшага гімназістага Колю. Камсамол, у які Каця ўступіла, расчыніў ей вочы на жыцьцё і штурхануў яе да вучобы. Яна ўцякае ў горад, паступае ў школу, а прыехаўшы бацька гоніць яе дамоў. Яна не згаджаецца.

Тэма «Вырвалася» не скарыстана цалкам, няма шчырасьці, пасьлядоўнасьці. Апавяданьне гэта менш захапляе чытача. Стыль аўтара даволі лёгкі, толькі часамі трапляюцца цяжкія сказы. Мова жывая сялянская. Сустракаюцца і русіцызмы.

Але гэтыя хібы былі два гады таму назад і ў апошніх творах Хурсіка іх няма.

М. Я.