Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/17

Гэта старонка была вычытаная

Дыплём бакалаўра філёзофіі… Агіднасьць да ачумелай каталіцкімі ідэямі прафэсуры…

Далей вандраваньне аж у Гіталію, у Падуанскі унівэрсытэт… Мучэньні, нявымоўныя мучэньні… беднасьць бязьлітасная… Урачысты экзамен. Новы дыплём «доктара лекарскіх навук»…

Потым зноў вандраваньні… Знаёмства з друкарскай справай… Друкаваньне беларускіх кніжак у Кракаве… Адтуль выжылі… думалі, што забудуся на свой край, забудуся, — хто я!.. Тупавумныя!.. Воўк і той любіць сваё логава, свой куст, дзе радзіўся!..

— Эх, ня быць прыгнёту! — сказаў Скарына скрозь зубы ў голас і адышоў ад вакна.

— Алеська! — гукнуў ён праз хвіліну, — прынясі мне сьвятло!

Скрыпнулі зьлёгку цяжкія дзьверы і ў пакой увайшла з лямпаю ў руцэ прыземістая дзяўчынка. Паставіла лямпу на стол, за якім заўсёды працаваў Скарына, і на дыбачках выбегла з пакою.

Скарына расшпыліў на сабе сваю доўгую чорную мантыю і прысеў за стол. Порстка адгарнуў убок кавалачкі дрэва, на якіх ён вырэзваў узоры, каб пасьля аддрукаваць іх у кніжцы, узяў невялічкую дошчачку з недакончаным узорам і пачаў яго асьцярожна дамалёўваць, каб пасьля было як вырэзваць.

Цёмна-сінія вочы ўпіліся ў вузор. Белая, як мармур, правая рука паслушна выводзіла чорныя рыскі, фігуркі. У моманты перапынку чуць прыкметнаю дробнаю дрыгвоткаю дрыжэлі доўгія пальцы…

А калі рука выводзіла нязвычайна цяжкі завіток, то твар мастака напружваўся. Па ім пачыналі перабягаць цені, уздрыгваць мускулы ды вялікі, крыху вуглаваты, падбародак…

Прайшло толькі некалькі хвілінак і на твары Скарыны і сьлядочку не засталося ад нахмуранасьці і нездаволеньня. Цяпер па ўсім яго абліччы разьлілася якаясьці ласкавая, мяккая замілаванасьць да гэтых чорных выкрунтасаў — завіткоў, да справы. Мажліва, што ў гэты момант дзесь глыбока ў сэрцы думка пяшчотная зацяплілася ды зазьзяла на твары цёплаю і мяккаю ласкавасьцю.

Зайдзі ў гэты момант у яго пакой хто-небудзь пабочны, дык і падумаць ніколі не падумаў бы, што гэта сядзіць за такою простаю справаю той вялікі палачанін, «бакалаўр філёзофіі» і «доктар лекарскіх навук», чыё імя вядома ўсяму вучонаму захаду, хто адмовіўся ад пыху і блеску каралеўскіх двароў абы толькі працаваць на карысьць свайго народу,

Але-ж Скарына мала лічыўся з тым, што пра яго могуць