Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/18

Гэта старонка была вычытаная

сказаць людзі, што на яго могуць паглядзець з кплівым задзіуленьнем. Справа для яго была ад усяго даражэй. Вось надрукаваць бы яму кніжку лішнюю ды даць яе для навучаньня не багатыром, не князём, а «люду простаму, паспалітаму», як ён часта сам казаў. Вось гэта было для яго ўсім. Вось таму і сядзеў ён так пільна над сваёю працаю ды старанна выводзіу рыскі, завіткі, фігуркі: усё-ж кніга будзе прыгажэйшаю.

— Яшчэ толькі адны суткі, — думаў Скарына за працаю, — і выйдзе новая кніжка… Гэта — вялікае сьвята!.. Кожная новая кніжачка — крок да самазабароны, вялікі крок да перамогі беларуса-бедняка над сваімі ворагамі! Хай ідуць да сьвету, вучацца, разумнеюць, каб цемра беспрасьветная не асіліла, вораг люты і бязьлітасны не асядлаў, не запанаваў бы!..

Так сядзеў, углыбіўшыся ў сябе, аддаўшыся дарагім і блізкім сэрцу думкам і пільна з захапленьнем працаваў.

— Юры Лукіч, — раптам гукнула за дзьвярыма дзяўчынка, што прыносіла ў пакой лямпу, — Даніла да вас прышоў!

— Ага?.. Калі ласка… Хадзі, браток… Ну, як там?..

— А нічога. Ужо ўсё гатова… Набралі… Усё якраз, толькі малюначкі, — сказаў, увайшоўшы Даніла (высокі танклявы хлапец, год дваццаці пяці, адзін з найлепшых супрацоўнікаў Скарыны ў яго друкарні).

— Я зараз канчаю, прысядзь пасядзі, — прагаварыў Скарына ня кідаючы працы і нават вачэй ня узьняўшы.

Даніла ціха апусьціўся на абітае зялёным сукном крэсла і сумотна суцішыўся.

— Ну, што чутно, Даніла?.. Мо дзе навіны якія?.. Я сёньня, дык цэлы дзень працую, ня вылажу з пакою, — спытаўся Скарына.

— Сумныя. Адно гора-горкае… Кажуць, што маскоўскі цар сабірае вялікае войска… Зноў усё дашчэнту зруйнуюць… Быццам крыві мала. І так ці цеперся палюць, нішчаць ўсё… божа — божа!..

— Ты ад каго чуў? — зацікавіўся Скарына і на момант дапытліва спыніўся на смуглым засмучоным твары Данілы.

— У горадзе адзін пан польскі казаў.

— Хто такі?

— Якійсьці Кубінскі.

Касая дрыгвотная ўсьмешка перацяла у Скарыны вусны. З-пад нахмураных броваў бліснулі іскаркі.

— Ёсьць каму верыць? — саркастычна прыкмеціў ён, — я гэтага пана нядаўна з пакою пратурыў, морда яго ляская! Ведаю іх, крывапійцаў гэтых!

— Калі-ж гэта?.. Сёньня?…