Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/20

Гэта старонка была вычытаная

гэта жыцьцё прышлося аддаць. Усе да адзінага, калі трэба будзе, загінем!..

— А што з гэтага? — Сумна адказаў Скарына, — гэта ня выхад з палажэньня, што мы ўсе загінем… Ды хто ўсе?… З паноў мала хто вытрымае да канца… Яшчэ з маскоўцамі будуць усе змагацца, а супроць палякаў — не… думаюць, што з вуніі, злучэньня з палякамі, толк выйдзе… Распачаць змаганьне і з маскоўцамі і з палякамі — гэта значыць без пары сябе загубіць…

— Але чаго маскоўшчыне гэтай хочацца?.. Ці даўно сама под татарваю была… Чуць-чуць сама вызвалілася, ужо другога імкнецца заняволіць… Вось народ дзе бязьлітасны!.. І што рабіць?.. што рабіць??..

— Трэба сялянства ратаваць.

— Як?

— Трэба адукоўваць яго, — задуменна адказаў Скарына, нібы сам з сабою разважаючы, — гытым мы яго захаваем ад ворагаў, не дадзім яго на зьежу ім… Калі і зваліцца на яго няшчасьце, то лягчэй яму будзе вызваліцца ад яго… Трэба кніжак больш даць, а то можа запанаваць чужая кніжка, чужая мова, і народ тады — памёр!..

— Не дачаканьне ім!.. Зубы паломяць!.. Апошнюю сарочку здымем з сябе, а абаронімся!..

— Апошнюю сарочку, — толькі пранеслася ў галаве ў Скарыны. Ён нічога не адказаў. У пакой усунулася якаясьці цяжкая, самлелая ціша ды здавіла іх. Нікому з іх не хацелася парушаць яе, бо, здавалася, зрабі толькі хоць адзін гук і гэта ціша выдасьць гаспадара яго, падхопіць нотку дрыжаньня, гора, ці сумненьня ў голасе дый панясецца з ім усюды, на паказ…

Скарына ізноў узяўся пільна за працу, якую часова быў спыніўшы.

— Ну, на, вузоры, — хвілін цераз пяць, — зьвярнуўся ён да Данілы.

Апошні хуценька ўзяў іх, закруціў у чырвоную хустачку, разьвітаўся нэрвова і вышаў.

А Скарына задумаўся. Цёмна-русыя паймы валасоў войстрымі грабеньчыкамі выбіліся між пальцаў з пад белай рукі і дрыжэлі, як жывыя.

Думкі беглі і мяняліся, як гукі ў песьні, як у сэрцы кроў…

— Не дамося ў крыўду!.. Адукацыяй, розумам пераможам…

На-днях кніжка выходзіць, трэ‘ было-б друкароў маіх крыху падахвоціць… Працуюць добра, сумленна, ня лічацца ні з чым… А грошай хоць бы капеечку дзе ўзяць. Сродкі нашы амаль усе вышлі…