Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/21

Гэта старонка была вычытаная

Ды як-жа і працу бяз сродкаў пашырыць?.. Шмат кніжак ня выдасі…

А час уходзіць… Чакаць ні хвілінкі, ні капелечкі ня можна, бо пятля на шыі народу ўсё больш і больш зацягваецца.

Скарына раптам устаў з-за стала і, ашчарэпіўшы голаў рукамі, заснаваў па суровым і хмурым сваім пакоіку.

— Люду, мой люду!. Як цябе ратаваць?!.. Адкуль сілы ўзяць?!..

Але ўсё наўкол маўчала, нібы прытаіўшыся; толькі ціша ў пакоіку станавілася ўсё званчэйшаю і званчэйшаю ды за вакном, на дварэ ўсё сыпаліся й сыпаліся з неба зоры залацістыя, сыпаліся буйныя, спакойна, як з воч маткі сьлёзы над дзіцячаю магілкаю.


II.

Вялічэзнай, сумнай і цяжкою, нават гнятучай, аграмадзінай выглядзеў сярод звычайных драўляных будынкаў Вільні мураваны Троіцкі кляштар.

Высокія і войстрыя, як пікі, вежы, мураваныя сьцены наўкол і такія-ж мураваныя будынкі з маленькімі акенцамі з кратамі, як у вастрозе, нявольна ранілі кожнага глядача сваёй завостранасьцю і наганялі нявымоўны смутак і невядомы страх сумнаватай няпрыветнасьцю і цяжкасьцю.

Замкнуўся гэты кляштар ад акаляючага яго кіпучага жыцьця ў мураваныя сьцены і жыве сваім уласным маленькім жыцьцём, з сваімі цікавасьцямі, з сваім горам і радасьцямі.

Сёньня, як і заўсёды, кожны тут быў заняты сваёю справаю з самага ранку: большасьць манахаў малілася, некаторыя фізычна працавалі, а некаторыя, найбольш адукаваныя, сядзелі ў сваіх кельлях ды перапісвалі кнігі. Былі і такія, каторыя, замест малітвы, саматужным чынам усьціхамірвалі свае палы, задавольвалі цела «грэшнае».

Старэнькі ігумен, айцец Анісім, чуть сьвет пачаў рабіць абход па кельлях.

Першым чынам, чуць чутна падкраўся да кельлі «зло адзержымага бясамі». Прыслухаўся. Там чуліся якіясьці пастукваньні і нібы нэрвовыя ўздрыгваньні.

Ігумен прытка адчыніў дзьверы. На падлозе ля сьценкі штосьці чорнае вялізнае латахнулася і хутка шмарганула рызаю.

— Ахрэм, бога ты не баішся?..

Вялікі, здаравенны чорны манах, дрыжучы ўсімі членамі, узьняўся на ногі і зараз-жа апусьціўся на каленькі перад ігуменам.