Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/22

Гэта старонка была вычытаная

— Аз грэшан есьм, — балесна пачаў манах, ня уздымаючыся, — праз усю ношч маліўся. Токма расьніцы зьвёў, — бачу: ідзе жанчына, якая была мне калісьці знаёмаю… уся як ёсьць, голая… усьміхаецца, маніць мяне… А яна такая поўная, павабная…

Я загарэўся, кінуўся.......

Прачнуўся, памаліўся… А яна ўсё ня выходзіць з галавы… Зноў мяне пацягнула, а ўспрацівіцца не магу, сілы не хапае… кроў у мазгі стукае, я і пачаў..... каб ад сэрца адлягло........

— Маліся, сын, маліся!… Гасподзь Хрыстос сказаў: Ашчэ цябе левая рука змушчае, то вазьмі адсячы яе ды выкінь»…

— Уладыка праведны! — перабіў яго манах, лепей бы я зусім бяз гэтага радзіўся; як-жа я адсяку?!.

— Маліся, сын, і пасьціся і гасподзь бог памілуе цябе і правазьнясе.

Айцец Анісім перахрысьціў яго і пайшоў далей рабіць абгляд, а «грэшны» Ахрэм прычыніў дзьверы сваёй кельлі, прыслухаўся да крокаў ігумена і ўноў заваліўся да сьценкі.

Прайшоўшы па ўсіх кельлях, айцец Анісім даў, каму трэба было, належныя настаўленьні, рады, пахрысьціў усіх сустрэчных і папярэчных, зрабіў некаторыя распараджэньні на гаспадарцы і, урэшце, зайшоў у сваю кельлю, каб крыху адпачыць.

Прысеў. Цяжка перавёў дыханьне. Пагладзіў рукою доўгую клінаватую бародку, якая выступала белай ручайкай льну з-пад доўгага тонкага, крыху кручкаватага носу. Чорныя, выцьвіўшыя ад старасьці, вочы бяссэнсна моргалі, ня то — блудзілі дзесьці ў паветры.

Яшчэ ня ўсьпеў айцец Анісім сабрацца з якой-колечы думкай, як ціхі стук у дзьверы парушыў яго спакой.

Стрыгануў вачыма. Паморшчыўся, аднак хутка прыняў, звычайны для яго, строга-набажны від і сказаў — прашу.

Нясьмела і сукромна ўвайшоў яго паслушнік.

— З якою весьцію? — Ціха зьвярнуўся да яго айцец Анісім, даў пацалаваць яму сваю руку і мэханічна блаславіў яго.

— Прышоў стараста царкоўны Грыгор; той самы, што быў у нас пазаўчора, — усё так-жа ціха паведаміў паслушнік і парабскі схіліў уніз голаў.

— Хай войдзе — загадаў ігумен, паправіў на аналоіку вялічэзную пэргамэнтную кнігу з срэбным крыжам на ёй і ў чаканьні схіліўся над столікам, што стаў перад ім.

Цераз хвіліну, няўмела ступаючы і спатыкаючыся, увайшоў Грыгор.