Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/24

Гэта старонка была вычытаная

ўсе маліліся, а я толькі грошы плаціў… што я ведаю, як тут што?!. Усе маліліся, а бог ні капелечкі не дапамагае… мо‘ і я тут вінаваты: мо‘ рука ў мяне такая: цяжкая?.. хто яго ведае?!

— А не дапамагае таму, — пачаў забараняцца айцец Анісім, — таму, што сярод пшаніцы ёсьць плевелы!.. і з-за іх нас гасподзь-бог наш і карае, ня ўнемле маліцьве нашай… Так-так!..

Токмо малітва шчырая і гарачая, пакаяньне і добрыя ўчынкі вывядуць нас на пуць ісьціны… і гасподзь-бог тады ніспашле нам благадаць сваю!..

— Так-так, бацюшка, разумею, ргзумею, — перабіў ігумена Грыгор, — дык кажаце, што тутацькі Плевіл якійсьці вінават?.. Ды я, каб убачыў яго, то яй-богу-ж на шматкі разарваў-бы!

Грыгор скамячыў кулакі, нібы ён вось-вось з кім у бойку ўступаў, і так гэраічна пасунуўся з імі да айца Анісіма, што той аж зьбялеў ды рукі ад страху расставіў, як-бы забараняючыся ад нападу.

— Супакойся, сын! — урэшце выгукнуў ён здаўленым голасам, — што гэта? Гэта смуцьянства!..

Грыгор адхіснуўся назад, як паднятая былінка касою.

— Не — не — не, бацюшка; вы ўжо і перапужаліся?.. Я толькі так… бачыце, мужчыны лаюць мяне…

Змоўк і сагнуўся ля дзьвярэй, нібы просячыся, каб яго хаця ня білі тут.

— Грэшнікі мы ўсе і плевелы мы самі, — ізноў пачаў айцец Анісім навучальным тонам, але раптам абарваўся, бо ў гэты момант ізноў пачуўся стук у дзьверы.

Зноў увайшоў паслушнік.

— Хто яшчэ якую патрэбу да нас мае?

— Друкар прышэд.

Айцец Анісім палахліва прыўстаў.

— Хто-хто? — запытаўся ён узноў.

— Друкар нейкі, заве сябе Скарыною.

— Друкар Скарына?! — Ускрыкнуў ад зьдзіўленьня ігумен і тройчы перахрысьціўся, — упасі, госпадзі, ад гэрэціка!.. ад наважджэньня дзьявальскага!..

Затарапіўся. Пералажыў левую нагу цераз правую, потым правую цераз левую, потым уноў левую цераз правую, а, урэшце, прыўстаў і ўжо зусім звычайна сеў.

Пальцамі пачаў кнігу церабіць і папраўляць на ёй крыж срэбны, які й бяз гэтага ляжаў акуратна; другою рукою схапіўся за залаты крыж, што вісеў у яго на грудзёх.

— Вайдзеце — дрыжачым голасам папрасіў айцец Анісім.

Грыгор крокі два адступіўся ў кельлю і ўставіўся вачыма ў дзьверы.