Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/25

Гэта старонка была вычытаная

Роўнаю і цьвёрдаю паходкаю ўвайшоў Скарына. У кожным яго руху адчувалася спакойная гордасьць, паважнасьць і сіла.

Прывітаўся. Заўважыўшы неспакой ігумена, паморшчыўся і на момант адвёў убок свой погляд.

— Выбачайце, вы будзеце ігуменам? — спакойна і ветла спытаўся ён у айца Анісіма.

— Так-так-так!..

— Я — доктар Скарына!..

— Так-так… вельмі рад… садзецеся, калі ласка.

Скарына прысеў на пададзенае паслушнікам крэсла.

— Справа вось у чым, — пачаў ён цераз некалькі момантаў, — я — доктар лекарскіх навук Скарына (я думаю, што вы крыху аба мне чулі?).

— Так-так-так, — у знак згоды затараторыў айцец Анісім.

— Дык вось, — працягваў далей Скарына, — а цяпер я тут кірую друкарняй…

— Вельмі цікава, — перабіў яго ігумен, — я дык ні разу гэтай рэчы ня бачыў… Што там такое… ведаю, што кніжкі там неяк пішуць, а як?..

— Ня дзіва, што вы ня ведаеце, — з гордасьцю заўважыў Скарына — друкарні ёсьць толькі ў немцаў, у чэхаў, да вось я ўтварыў, у нас, а больш нідзе, ні ў адным краі ня знойдзеце…

Твар яго засьвяціўся чуць прыкметным сьветам ціхай і цёплай радасьці.

— Гэта спанарад такі: — дабавіў ён цераз некаторы час, — рэч, праўда, хітравумная… Тут і варштат, і літары, і вузоры, і шмат чаго іншага… наогул, лепей было-б, каб вы калі-небудзь самі да нас зайшлі…

Грыгор увесь час стаяў ля сьценкі нібы слуп і толькі часта вачыма ўспаленнымі лыпаў.

— Іш ты, — толькі вырывалася, падчас, у яго з вуснаў, — га?..

Айцец Анісім таксама замёр на адным месцы і толькі мацней сьціскаў рукою крыж залаты.

— Я прышоў да вас, айцец ігумен, — прыступіў проста да справы Скарына, — каб утварыць з вамі адну згоду, згоду вельмі вялікага значэньня, згоду ня толькі карысную для мене, для вас, але і для ўсяго нашага краю.

— Так… чаго хошчаце вы ад мяне, грэшнага раба божага? — устрывожана запытаўся ігумен і тарапліва-недаўменна заморгаў вачыма.

— Я хацеў-ба-б запрасіць вас да сябе ў супольную справу?..

— Што вы?.. што вы?… — яшчэ больш напалохаўся ігумен, —