Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/27

Гэта старонка была вычытаная

Паміж іншым, трэба згадзіцца з тым, што ў каталікоў царкоўная справа больш арганізавана пастаўлена, чым у праваслаўных, там хутка вар‘ятамі пастануць усе: дыхнуць нельга!.. асабліва ў Польшчы…

— А ўсё-ж вам міла яшчэ каталіцтва: усё-ж вы яго яшчэ ня кінулі?.. Што-ж будзьце каталіком, а нас праваслаўных пазбаўце ад інквізіцый і іншых богапраціўных спраў!..

— Айцец ігумен, — раптам узрушыўся Скарына, — Да я-ж працую для праваслаўных… Аб каталіцтве я толькі так гавару, а для мяне ўсёроўна… Я вам кажу, што мне трэба было вучыцца, ну таму ўзяў дый — перайшоў у каталіцтва… Мэтаў рэлігійных я ніякіх ня маю: гэта мяне ня цікавіць…

— Рэлігійных мэтаў, кажаце, ніякіх ня маеце? — усё наступаў айцец Анісім, — а з майго кляштару, дык, па вашаму, і можна ўтварыць вярцеп разбойнікаў?.. Га?!

— Айцец ігумен, — спакойна зазначыў Скарына, — вярцепаў ніхто ніякіх ня будзе утвараць, мы будзем толькі кніжкі друкаваць, кніжкі добрыя, рэлігійныя і ня ў кляштары!.. Вы дайце толькі сродкі?!..

— А сказаць, па праўдзе, — пачаў ігумен, скрывіўшы хітранькую грымаску, — нашто гэтыя кніжкі? каму яны патрэбны?.. Я лічу, што яны нават шкодны!..

— Як-та? — зьдзівіўся Скарына, — кнігі шкодны? вы хіба жартуеце?!.

— Я — ігумен, і мне жартаваць не належыць!..

— Прабачце. Але можа будзеце ласкавы растлумачыць, чаму, павашаму, кніжкі шкодны?

— Зусім проста, — пачаў гіранічным і высокамерным тонам ігумен, — вы былі ў немцаў і бачылі, што там робіцца?.. Як гэта вам падабаецца?.. Што робяць там халопы? Ёсьць там права хоць якое, ці закон?.. Ці можа лепей, каб раб сваім гаспадзінам кіраваў?.. Га?.. А хто ў гэтым вінават?..

— Я інакшай думкі трымаюся, — толькі ўставіў Скарына.

— Не-не… вы не перабівайце, — ужо зусім пасьвецкі разважаў і, спрачаўся айцец Анісім, — дайце дакончыць… А чаму ў немцаў столькі гэрэсяў розных зьявілася?.. Хіба ва ўсім гэтым ня кнігі вінаваты?… Кніга і толькі кніга!..

Скарына маўчаў ды толькі пільней прыглядаўся да ігумена.

— Дык, па вашаму, люд наш трэба так і пакінуць у цемры, без асьветы, у нішчаце?! — абурыўся Скарына, — трэба, каб ён толькі жывёлаю застаўся?.. Да вы, бадай і ў хрыста ня верыце?!

— Гэта вы мо‘ ня верыце?! — энэргічна абарваў яго прамову ігумен, — люд трэба навучаць, я не кажу, што ня трэба,