Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/28

Гэта старонка была вычытаная

але навучаць яго належыць ізусна — так, як у нас, на сьвятой Русі, з даўных заведзена!.. Вось як!

Скарына паморшчыўся, насупіў густыя бровы і моўчкі ўзьняўся з крэсла. Склаў на грудзёх рукі, разы два павярнуўся па кельлі ды ізноў застанавіўся супроць айца Анісіма.

— Дык кніжак, значыцца, не патрэбна нікому?

— Для «лепшых» людзей хопіць кніжак, што напішуць схімнікі і манахі… А падругое, вы-ж самі ня духоўнік: што вам да гэтае нявучонасьці халопскае?.. Якую вы маяце праву у гэтыя справы ўмешвацца?.. Вы дохтур — ну і лячыце сабе людзей, дапагайце ім у нядугах іх цялесных?..

— Вы кажаце, што ад кніжак зьявяцца беспарадкі, а я кажу, што гэтых беспарадкаў у сто крат будзе больш, калі люд будзе не асьвечаным… Цяпер час такі, што ў многіх старонках жыцьцё старое ломіцца; ёсьць, бязумоўна, і беспарадкі; вядомая рэч: кожны раз пры перабудове бывае гэта…

Аб гэтым аб усім чуткі даходзяць і да нас, люд прыслухоўваецца, бярэ сабе ў глузд, могуць і ў нас такія беспарадкі пайсьці, бо няпісьменны люд усё бярэ на веру, а сам ня можа зьверыцца па пісаньнях. Асьвета людзей паспалітых накіруе толькі на добры шлях… Дапамажэце нам?!.

— Ха-ха-ха!.. дапамажэце, — разыйшоўся айцец Анісім, — вы думалі, што калі вы будзеце там на сваёй гэтай друкарні па сто кніжак у дзень пісаць, ды танна іх прадаваць, дык у кляштару ўвесь даход адаб'еце, прымусіце манахаў з голаду паміраць, думалі, што манахі кніжную справу так і акінуць? Ха-ха-ха! З намі бог!.. Да я вас і вашы кніжкі праклёну прадам, так што ў вас ніхто ні аднэй ня купіць!.. А я — сто манахаў і схімнікаў богаўгодных за пісаньне кніжак засаджу, і мы ваша дзьявальскае наважджэньне, вас і вашу друкарню, — пераможам!.. З прававернымі бог!..

— Калі так, дык я вас магу ўпэўніць што праз якіх- небудзь пяць год на вашы кнігі нават ніхто і зірнуць не захоча!.. Я-ж сваю кніжку у сорак крат таньней прадам чым вы!.. На вашы праклёны і увагі ніхто ня зьверне!.. Я вось прапаную: ідзеце ў суполку да нас, дапамажэце нам сродкамі, і будзе для ўсіх вялікая карысьць…

Апрача таго, калі ваш кляштар пачне друкаваць кніжкі, то вы будзеце праз іх мець вялікі ўплыў на паспаліты люд, вам будзе надзвычайна лёгка змагацца з каталіцтвам: народ увесь пойдзе за вамі!.. Падумайце на гэтым, айцец ігумен… будучыя пакаленьні будуць падзячны вам за гэту вялікую справу?.. Падумайце!...

Змоўк. Энэргічны, бы з сталі выкуты, твар пылаў агнём,